Год назад стартаваў праект Бярэзінскай раённай бібліятэкі “70 патрыятычных спраў”, разлічаны на два юбілейныя 20142015 гады 70годдзя вызвалення Беларусі і 70годдзя Вялікай Перамогі. Вайна трагедыя і подзвіг. Галоўная мэта праекта – данесці сучаснікам страшную ў сваёй праўдзівасці ісціну на прыкладзе лёсаў удзельнікаў, ахвяр і сведкаў ваеннага часу: франтавікоў і партызан, жыхароў акупіраваных тэрыторый і спаленых вёсак, вязняў фашысцкіх канцлагераў і вывезеных на прымусовыя работы ў Германію, ахвяр яўрэйскіх гета і Ленінградскай блакады, салдацкіх удоў і дзяцей вайны… У папярэднім 2014 годзе капілка важкіх спраў уключыла звыш 10 патрыятычных акцый раённага гучання, за якімі значны аб’ём работы і шчыры клопат аб салдатах Перамогі.
Першай такой акцыяй 2015 года стала на Бярэзіншчыне сакавіцкая агіткампанія “Вясна. Жанчына. Перамога”, наладжаная ў творчай садружнасці бібліятэкараў раённай бібліятэкі і Бярэзінскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”.
Зараз на Бярэзіншчыне засталося ўсяго 10 жанчынудзельніц вайны: 6 у райцэнтры Беразіно, 4 у сельскай мясцовасці (у аграгарадках Лешніца, Багушэвічы, вёсках Гарэнічы і Новая Калюжыца). Старэйшай удзельніцы вайны, жыхарцы г. Беразіно, ураджэнцы вёскі Лясковічы, жонцы партызана і былой сувязной партызанскага атрада Ганне Фёдараўне Губіч 103 гады. Тры гараджанкі – Соф’я Пятроўна Стасевіч, Лідзія Раманаўна Сухарукава, Таццяна Фамінічна Шык – у сёлетні пераможны год адзначаць сваё 90годдзе. Жыхарка аграгарадка Лешніца, былая санітарка ў шпіталі з 31 чэрвеня 1941г. па верасень 1945 года, Л.Т. Смалячкова, 1 ліпеня 2015 года сустрэне свой 95гадовы юбілей. З Расіі пераехала ў Беразіно да ўнучкі Магілка (у дзявоцтве Есауленка) Галіна Іванаўна, салдат ракетна зенітных войск (былая зенітчыца), якая пайшла на фронт у 19 гадоў з першага курса інстытута. Сувязнымі партызанскіх атрадаў былі 87гадовая жыхарка вёскі Гарэнічы Наталля Еўдакімаўна Булойчык (345ы партызанскі атрад Яроцкага), Вольга Тарасаўна Сцярлёва з аграгарадка Багушэвічы, 92гадовая жыхарка горада Беразіно Марыя Адамаўна Лявіцкая, 89гадовыя гараджанкі Лідзія Раманаўна Сухарукава (120ы партызанскі атрад з 15.10.1942 па 2.07.1944г.) і Таццяна Фамінічна Шык (120ы і 340 партызанскія атрады). Стралком партызанскага атрада “Перамога” была жыхарка вёскі Новая Калюжыца, 86гадовая Галіна Стэфанаўна Умэцкая. Кожная зямлячка з ваеннай біяграфіяй лічыць найвышэйшай узнагародай тое, што засталася жыць.
Сучаснікі не павінны забываць тых, хто заўсёды быў з Айчынай не толькі ў радасці, але і ў яе цяжкі час. З гэтай мэтай была наладжана сакавіцкая акцыя “Паклон вам, жанчыны вайны”, якая стала першым этапам агіткампаніі “Вясна. Жанчына. Перамога”. У ходзе акцыі на аўтатранспарце, выдзеленым кіраўніцтвам РКЦ № 7 г. Беразіно ААТ “Белаграпрамбанк”, група бібліятэкараў і актывістак жаночага руху ажыццявіла надомныя візіты да шаноўных зямлячак, жыхарак горада. Жанчынам уручаны вершаваныя святочныя буклеты выдавецтва аддзела маркетынгу Бярэзінскай раённай бібліятэкі, памятныя падарункі і памятныя фотаздымкі. Акцыя мела фінансавую падтрымку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярэзінскага райвыканкама, дырэктара ТАА “МЭТА плюс” Надзеі Мельнік і арганізацыйнаінфармацыйную падтрымку раённага Савета ветэранаў. Аналагічныя візітакцыі па ўшанаванні жанчынудзельніц вайны праведзены культработнікамі бярэзінскіх аграгарадкоў Лешніца, Багушэвічы, Уша, Косаўка, у зоне абслугоўвання якіх пражываюць жанчыныветэраны.
Так супала, што Перамога, якую жанчыны здабывалі, жаночага роду, адбылася вясной, калі прырода імкнецца да новага жыцця. Таму і не выпадкова акцыя “У Перамогі – жаночы твар”, адрасаваная старшакласнікам гарадскіх і сельскіх навучальных устаноў, узяла свой пачатак таксама ў сакавіку і стала другім этапам агіткампаніі “Вясна. Жанчына. Перамога”. Вучнёўскай моладзі бібліятэкары раённай бібліятэкі прапанавалі наладжаныя на базе актавай залы галоўнай бібліятэчнай установы горада выступленні тэатра аднаго акцёра Бярэзінскай ЦБ “Жывое слова”, які прадставіў тэатр маналога “Салдатам я прайшла па той вайне”. На самай страшнай вайне жанчыне давялося стаць салдатам – забіваць ворага, які вераломна абрынуўся на яе зямлю, яе хату, на яе дзяцей. У аснову монатэатралізацыі пакладзены споведзіўспаміны зямлячакудзельніц баявых падзей, гераінь адной з самых знакамітых кніг аб вайне С. Алексіевіч “У вайны – не жаночы твар”, перакладзенай на 20 моў свету, назва якой стала крылатай фразай і візітоўкай не толькі пісьменніцы, але і самой тэмы вайны. У агучаных пранізлівых гісторыяхсповедзях – праўда звычайнага, радавога жаночага лёсу, перакроенага вайной. Рэквізітамі тэатралізаваных маналогаў сталі рэчы і прадметы ваеннага часу з музея бярэзінскага краязнаўцыаматара Ігара Жукоўскага: прастрэлены салдацкі шынель, палінялая гімнасцёрка, пілотка, салдацкая каска і боты, паходны кацялок, сумка палявой сандружынніцы, ржавыя снарады…
Навацыяй праекта Бярэзінскай ЦБ “70 патрыятычных спраў” у 2015 г. стаў агітпоезд мужнасці “Вайна. Бярэзіншчына. Памяць.” Гэта мабільная форма дазволіць на працягу сакавікаліпеня ахапіць бярэзінскія аграгарадкі і аддаленыя вёскі ўзорнымі, вобразнаэмацыянальна падмацаванымі тэатралізаванымі прыёмамі, прапагандай і агітацыяй. У апошні тыдзень сакавіка агітпоезд бібліятэкараў і аўтаклуба РДК выехаў на маршрут памяці з тэатралізаванай праграмай “Ішлі дзяўчаты па вайне”, якая ў сакавіку і 1ай дэкадзе красавіка будзе прадстаўлена жыхарам аграгарадкоў Уша, Лешніца, Багушэвічы і вёскі Гарэнічы, дзе пражываюць зямлячкіўдзельніцы ваенных падзей. За 4 наступныя месяцы года выязнымі паслугамі агітпоезда мужнасці будуць дастаўлены ў аграгарадкі і вёскі Бярэзіншчыны наступныя тэатралізаваныя праграмы: “Забранае вайной дзяцінства” у рамках акцыі “Дзіцячы прысуд вайне”; “Вайна страляла ў кожнага” у рамках акцыі “Белы журавель памяці”; “Рэквіем па забітым вайной каханні” у рамках акцыі “Вечны агонь – у сэрцах салдацкіх удоў”; “Выпрабаваныя агнём” у рамках рэквіемакцыі на базе спаленых у гады вайны бярэзінскіх вёсак Баравіно, Краснае, Уцешына; “У разведку ішла дзяўчына” у рамках акцыі “Памяць бярэзінскіх вуліц” на базе Пагосцкай школы, якую да вайны закончыла партызанская разведчыца і сувязная Марыя Рамановіч, у гонар якой 50 гадоў назад, у 1965 годзе, была названа вуліца г. Беразіно і на базе СШ № 3 горада Беразіно, якая размешчана на вуліцы імя легендарнай зямлячкі. Летам пройдзе выязная акцыя “Манумент памяці” з наведаннем помніка ахвярам Бярэзінскага гета на вуліцы Інтэрнацыянальнай.
Праўда аб вайне, памяць аб подзвігу будуць жыць у вяках, пакуль ёсць творчыя культработнікі, якім гэта тэма неабыякавая.
Тамара КРУТАЛЕВІЧ,
загадчык аддзела маркетынгу
Бярэзінскай ЦБ.
|