Бярэзіншчына - край адметны на падзеі, выдатныя мясціны і ўражанні. Увазе гасцей горада і раёна прапануем некалькі цікавых месцаў і аб'ектаў, якія звязаны з гісторыяй бярэзінскай зямлі.
Вёска Калюжыцы Ігуменскага павета Мінскай губерні Расійскай імперыі, цяпер Бярэзінскі раён Мінскай вобласці – радзіма Валянціна (Валенція-Вільгельма) Ваньковіча (14 лютага 1800 (паводле некаторых звестак— 1799),— 12 мая 1842, Парыж, Францыя) – мастак рамантычнага кірунку, аўтар вядомага партрэта Адама Міцкевіча «Міцкевіч на скале Аю-Даг» (каля 1831).
Горад Беразіно.
Сядзібны дом графа Патоцкага адносіцца да помнікаў архітэктуры ХIX стагоддзя. Узведзены ў стылі позняга класіцызму на правым беразе ракі Бярэзіна. Раней гэта была прыгожая, шыкоўна абстаўленая сядзіба, дзе ладзілі "банкет на ўвесь свет", але пасля рэвалюцыі дом над ракой паступова прыходзіў у заняпад. Да 70-х гадоў там размяшчалася школа, затым склад. Каменныя прыступкі, што калісьці вялі да самай ракі, зніклі некалькі дзесяцігоддзяў таму. Да пачатку 80-х яшчэ можна было ўбачыць рэшткі сцен графскіх стайняў, складзеных з чырвонай цэглы.
Патоцкія – спачатку шляхецкі, а затым графскі польскі род, які атрымаў сваю назву ад вёскі Паток непадалёк ад Кракава. Род Патоцкіх стаў такім жа разгалінаваным і шляхетным, як і род Радзівілаў. Яркі прадстаўнік роду – Ганна Патоцкая-Вансовіч, якая пакінула цікавыя ўспаміны пра сваё жыццё і свецкае асяроддзе.
Музей драўлянай лыжкі. Адкрыты ў 2010 г. Заснавальніца Г.А.Ждановіч. У экспазіцыі прадстаўлена больш за 200 самых розных па форме, памерах і творчым увасабленні лыжак, вырабленых майстрамі Мінскай вобласці. Наведвальнікі музея змогуць ўбачыць помнік драўлянай лыжцы, даведацца пра гісторыю ўзнікнення лыжкі, пра прыкметы, звязаныя з гэтым прадметам, даведацца, чым адметны кожны экспанат і як вырабляецца лыжка з дрэва. Сайт музея www.lyzhka.ucoz.com.
Вёска Багушэвічы. У паўночнай частцы вёскі Багушэвічы на левым беразе ракі Уса на старажытным гарадзішчы стаіць Касцёл Божага цела. Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-гатычнага стылю. Пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя з цэглы, як сямейная пахавальня гаспадароў маёнтка Свентражэцкіх. Касцёл уваходзіў у склад сядзібна-паркавага ансамбля , які належыў ім да 1863 года і быў спалены па загаду губернатара М. Мураўёва як маёмасць кіраўніка паўстання 1863-64 гадоў на Ігуменшчыне. Такая выключная мера пакарання была выклікана забойствам паўстанцамі мясцовага праваслаўнага святара Данііла Канапасевіча і агульнай жорсткасцю ўладальнікаў маёнтка да прыгонных. У 1875 годзе касцёл перасвенчаны ў праваслаўную царкву. У 2003 г. адрэстаўраваны і асвячоны ў каталіцкі храм (пра гэта http://www.berezino.by/?p=11922).
Вёска Чыжаха. “Цэнтр Еўропы”. Некалькі гадоў назад адзін з настаўнікаў матэматыкі Бярэзінскага раёна падлічыў: цэнтр Еўропы знаходзіцца непадалёк ад вёскі Чыжаха. Раней гэтае месца было пазначаны валуном. Але з цягам часу памятны знак некуды знік. З гэтай нагоды майстрам з вёскі Пагост быў выраблены з абазначэннем напрамкаў “Варшава”, “Кіеў”, “Рыга” і “Масква” памятны слуп, які ў 2011 г. ўстанавілі ўдзельнікі трох каманд турыстычнага злёту “Вецер падарожжаў” (пра гэта http://www.berezino.by/?p=9485). Дарэчы, побач з вёскай на беразе ракі Бярэзіны знаходзіцца археалагічны помнік Гарадзішча.
Завітайце на Бярэзіншчыну!