У Бярэзінскім раёне надзейна атрымала пастаянную прапіску практыка правядзення злёту маладых спецыялістаў. Праўда, сёлета арганізатары мерапрыемства – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і райкам прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу крыху пазней звычайнага сабраў маладых спецыялістаў, але гэта акалічнасць ніколькі ні сапсавала адзінага ўзнеслага настрою сустрэчы. Тым больш, што сёлетні злёт меў мноства прыемных сюрпрызаў.
Так, у гэтым годзе пры актыўнай падтрымцы кіраўніцтва раёна створана новае грамадскае аб’яднанне “Маладзёжная карпарацыя “Спецыяліст”. Першымі яго членамі сталі 36 удзельнікаў раённага злёту маладых спецыялістаў, якія прадстаўлялі ўсе галіны дзейнасці раёна, а першы запіс у сімвалічнай кнізе саюза зрабіў старшыня райвыканкама Сяргей Дзмітрыевіч Ленкавец. ”Моладзь Бярэзіншчыны, я ўпэўнены, што ўсё вам па сілах і няма такіх мар, якія не маглі б здзейсніцца, – напісаў кіраўнік раёна. Гэта чароўныя імгненні, цудоўныя гады, напоўненыя дзіўным пачуццём унутранай лёгкасці і свабоды. Аднак я вельмі прашу: не губляйце сябе дарэмна. Нішто не ляціць так хутка, як час. І няма нічога, больш трагічнага ў жыцці, чым упустую страціць свае сілы, развеяць па ветры талент. Не адкладвайце вялікія справы і ідэі на заўтра. Калі адчуваеце ў сабе сілы, – дзейнічайце, рабіце зараз, рызыкуйце, будзьце смелымі і адважнымі. І захоўвайце ў сабе веру, што лепш пашкадаваць аб зробленых памылках, чым аб страчаным часе”.
Словы гэтыя – не пусты гук для старшыні райвыканкама. У свой час, ён, сціплы юнак з Брэсцкай вобласці скончыў Горацкую сельгасакадэмію і ўжо не вярнуўся ў родныя мясціны: па размеркаванні пайшоў працаваць у сельгаспрадпрыемства Пухавіцкага раёна. Працаваў Сяргей Дзмітрыевіч так, што ўжо праз некалькі гадоў яму даручылі кіраваць гаспадаркай, а затым вылучылі ў рэзерв кіруючых кадраў. Шосты год ён узначальвае Бярэзінскім раён і на поўным праве ганарыцца поспехамі бярэзінцаў у розных галінах вытворчасці.
Так, дзякуючы яго намаганням адноўлены і папоўнены машынна-трактарны парк гаспадарак раёна, пабудаваны новыя сучасныя малочнатаварныя фермы, замест старых будынін з’явіліся малочна-даільныя блокі. Значныя матэрыяльныя ўкладанні дазволілі не толькі павялічыць вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі, але і вывелі яе на новы ўзровень, прымусілі прызнаць неабходнасць новых спецыяльнасцей на вёсцы – тэхніка-селекцыянера, агранома-насеннявода і інш.
Шмат зроблена за апошнія гады і на сацыяльнай ніве. Набываюць сучасны выгляд бальніцы і фельчарска-акушэрскія пункты, няма пытанняў з работай дзіцячых дашкольных устаноў, рэгулярна рамантуюцца навучальныя ўстановы. Не здаюць сваіх лідзіруючых пазіцый у вобласці і рэспубліцы наша лясная гаспадарка, ганарыцца раён дзейнасцю шматлікіх дарожных арганізацый, дасягненнямі ў камунальна-бытавым абслугоўванні раёна і перапрацоўчай галіне, справамі ў будаўніцтве жылля і стварэння ўмоў для заняткаў спортам і адпачынкам насельніцтва. Аднак замацавацца на гэтых пазіцыях, а тым больш палепшыць іх і ўзняць дабрабыт раёна на новы ўзровень павінны маладыя і актыўныя, высокаадукаваныя і адказныя спецыялісты, якія прагнуць самараскрыцця свайго патэнцыялу, здаровых амбіцый і кар’ернага росту. Такім маладым спецыялістам будуць асабліва рады ў раёне і для іх будуць створаны неабходныя ўмовы для пражывання і працы.
- Ад дабра дабра не шукаюць, – падкрэсліў старшыня райвыканкама ў час сустрэчы з маладымі спецыялістамі. – Таму пакуль у вас ёсць час адпрацоўкі, не губляйце яго дарэмна, папаўняйце багаж тэарэтычных ведаў практычным вопытам, вучыцеся знаходзіць агульную мову з людзьмі, адстойваць сваю пазіцыю, жывіце ярка і насычана. Магчыма, гэта дапаможа вам не шукаць шчасця ў далёкіх краях, а звязаць свой лёс з Бярэзінскім раёнам. Балазе, тут жыве і працуе вялікая колькаць добрасумленных работнікаў, якая ахвотна падзеліцца з вамі вопытам і майстэрствам, рада будзе мець дастойных паслядоўнікаў сваёй справы.
Менавіта на гэта была накіравана далейшая праграма мерапрыемства, у ходзе якой маладыя спецыялісты наведалі музей драўлянай лыжкі і пазнаёміліся з работай новага спартыўна-аздараўленчага комплексу з плавальным басейнам.
Так, музей драўлянай лыжкі створаны сіламі сапраўдных энтузіястаў, якія здолелі сабраць вакол сябе народных майстроў-разбяроў па дрэве. Цяпер яны рэгулярна абнаўляюць экспазіцыі новымі лыжкамі і шчыра радуюцца, калі рады аматараў гэтага віду дэкаратыўна-прыкладной творчасці папаўняюць маладыя людзі, якія прагнуць асвоіць гэта старажытнае рамяство.
Акрамя таго, справа стварэння музея драўлянай лыжкі натхніла работнікаў культуры на новыя краязнаўчыя подзвігі. Так, у раёне з’явілася група па стварэнню гісторыка-краязнаўчага музея, якая ў маі прапанавала бярэзінцам экспазіцыю “Воінскі подзвіг продкаў: ад Георгіеўскіх кавалераў да кавалераў ордэна Славы Вялікай Айчыннай вайны”. Тут сабраны экспанаты часоў першай і другой сусветных войнаў. Каштоўнасць большасці з іх унікальная, бо ўсе яны знойдзены і сабраны сапраўдным краязнаўцам Ігарам Жукоўскім. Нездарма ж маладыя спецыялісты як зачараваныя разглядалі кожны экспанат і ўважліва слухалі экскурсаводаў. Работнікі групы спадзяюцца, што гэта падштурхне моладзь пацікавіцца гісторыяй сваёй сям’і, удзелам продкаў у баявых падзеях, а можа дапаможа знайсці новы ўнікальны экспанат.
Неверагодна яркія ўражанні перажылі маладыя людзі і ў час экскурсіі ў новы спартыўна-аздараўленчы цэнтр з плавальным басейнам. Тут ім спадабалася ўсё, і сам плавальны басейн, вялікая спартыўная, трэнажорная залы, ўмовы для заняткаў настольным тэнісам і більярдам, утульнае кафэ і мноства маладых задаволеных твараў работнікаў комплексу.
Закончыўся раённы злёт маладых спецыялістаў канцэртам і гульнёвай праграмай у бары Бярэзінскага РДК, дзе за бакалам шампанскага кожны мог знайсці сабе сяброў, падзяліцца першымі працоўнымі поспехамі, даведацца як працуецца, а магчыма адчуць сябе патрэбным, цікава адпачыць ці сустрэць сваіх суджаных.
- Практыка правядзення злёту маладых спецыялістаў у раёне накіравана на ідэю замацавання маладых кадраў у раёне, – зазначае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Аляксандраўна Сакалоўская. – Яна неабходна для развіцця рэгіёну. І цікавіць гэта пытанне павінна не толькі раённае кіраўніцтва, але і непасрэдна кіраўнікоў, куды прыйшлі працаваць маладыя людзі. Нам вельмі непрыемна прызнаваць, што палова пачынаючых работнікаў не прыняла ўдзелу ў злёце па віне работадаўцаў.
- Ідэя злёту павінна жыць і развівацца, – падкрэслівае старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Людміла Васільеўна Ленкавец. – Наша арганізацыя робіць усё магчымае, каб маладыя спецыялісты не пакідалі свае першыя працоўныя месцы і засталіся ў раёне. Дзеля гэтага мы аператыўна рэагуем на кожную скаргу маладых спецыялістаў і не дапускаем парушэнняў яго правоў на прадпрыемствах, стараемся разнастаіць іх адпачынак.
У сваю чаргу ўдзельнікі злёту маладых спецыялістаў былі прыемна здзіўлены такой увагай і клопатам да сябе, шчыра радаваліся сюрпрызам у выглядзе абанементаў на наведванне плавальнага басейна і трэнажорнай залы. Праўда, большасць з іх у бліжэйшы час выкарыстаць іх не зможа. У аграрыяў зараз гарачая пара корманарыхтоўкі і летне-пашавага перыяду, іншыя рыхтуюцца да сесіі, бо атрымліваюць другую вышэйшую адукацыю. А гэта значыць, што яны яшчэ знаходзяцца на раздарожжы і дарослым неабходна дапамагчы ім зрабіць правільны выбар. А пакуль маладыя спецыялісты прымаюць рашэнне – у кіраўнікоў ёсць час перагледзець сваю пазіцыю да іх, а арганізатарам раённага злету маладых спецыялістаў выпрацаваць новы фармат мерапрыемства.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.