На працягу верасня-кастрычніка ў былым будынку пачатковых класаў гімназіі па вуліцы Маладзёжнай працуе выстава "Кола школьных дзён”. Першая такая выстава была наладжана два гады таму ў пакоі-музеі драўлянай лыжкі: тады некалькі дзясяткаў вучняў СШ № 2 горада мелі магчымасць зазірнуць у мінулае і даведацца пра развіццё школьнай справы на тэрыторыі нашага раёна. Сёлета наведвальнікам выставы прапануецца не менш цікавае падарожжа ў жыццё школьнікаў у даўнейшыя часы, у перыяд адкрыцця ў раёне так званых народных вучылішчаў. Тады большая частка сялянскіх дзяцей з-за беднасці не мела магчымасці вучыцца. Народныя вучылішчы звычайна туліліся ў цесных памяшканнях, дзе не хапала месца ўсім жадаючым, вучням даводзілася дабірацца пешшу ва ўстановы і дамоў прыкладна за 5 кіламетраў. Па ўспамінах вучня багушэвіцкай школы, надрукаваных у кнізе "Памяць”, у пачатку ХХ-ага стагоддзя ў школе вучыліся, харчаваліся і адпачывалі. Не было тады заняткаў фізкультурай, ніякіх гурткоў і гульняў. У вольны час выходзіць за агароджу школы можна было толькі з дазволу дзяжурнага настаўніка. Увесь час сачылі за выкананнем рэлігійных пастоў. Харчаванне было сціплае і аднастайнае. Акрамя таго, каштавала яно на аднога вучня 45 рублёў за ўвесь навучальны год! На гэтыя грошы з гаспадаркі трэба было прадаць 2 каровы ці 2 кабана. Гэта лічылася вялікай сумай, бо сям’я з 6 чалавек (маці, тата, дзве сястры і два браты) працавалі круглы год, каб пракарміць аднаго вучня. Унікальныя дакументы выставы складаюць пасведчанні аб заканчэнні школы, атэстаты сталасці, ведамасці, пахвальныя граматы, сшыткі. Яны ахопліваюць цэлае стагоддзе і даюць выразнае ўяўленне пра змены, якія адбываліся ў краіне з канца ХІХ-ага стагоддзя, сведчаць пра змяненні правапісу, гербаў на пячатках, сістэмы адзнак і нават зместу задачак па матэматыцы. З фотаздымкаў мінулых часоў паўстаюць школьнікі, прыгожа апранутыя, з кветкамі, радаснай, шчырай усмешкай і вялікай надзеяй у сэрцы на тое, што першая настаўніца будзе абавязкова добрай і лагоднай, а побач – заўсёды надзейныя і верныя сябры, у дзённіках валадараць толькі высокія адзнакі. Менавіта такія пачуцці агортваюць, калі ўважліва ўглядаешся ў старыя школьныя фотаздымкі з выявамі дзяўчат і хлопчыкаў. Наведвальнікі выставы даведаюцца не толькі пра старыя школьныя рэчы, але і ўбачаць, якія захапленні былі ў тагачасных школьнікаў – збор марак, значкоў, паштовак, стануць удзельнікамі беларускіх дзіцячых гульняў. На выставе сённяшніх вучняў чакае шмат новага і цікавага, яны пашыраць свій кругагляд, а дарослыя змогуць на пэўны час вярнуцца ў шчаслівае маленства, яшчэ раз закружыцца ў коле школьных дзён. Алена ЖДАНОВІЧ. дырэктар рабочай групы па стварэнні раённага музея.
|