сайт будучага музея Бярэзiншчыны
Главная | Каталог статей | Регистрация | Вход
 
Пятница, 03.05.2024, 14:00
Приветствую Вас Гость | RSS
Меню сайта
Форма входу
Категорії розділу
Чытайце тут. [18]
Глядзіце тут. [5]
Главная » Статьи » Чытайце тут.

Раённы друк

МІКОЛА ПРАШКОВІЧ: РАСКРЫЖАВАНЫ ЛЁС

30 гадоў таму ў пажары ў роднай хаце ў вёсцы Гарадзішча Бярэзінскага раёна трагічна загінуў наш зямляк Мікола Іванавіч Прашковіч. Памяці ўраджэнца Бярэзіншчыны, крытыка, літаратуразнаўцы, перакладчыка, кандыдата філалагічных навук будзе прысвечаны адзін з раздзелаў будучай экспазіцыі гісторыка-краязнаўчага музея, Тут будуць прадстаўлены ўнікальныя фотаздымкі, кнігі з аўтографамі знакамітых беларускіх пісьменнікаў з уласнай калекцыі сям’і Прашковічаў, падораныя родным братам Пятром Іванавічам.

Сярод гісторыкаў беларускай літаратуры М.І. Прашковіч вядомы як аўтар даследаванняў пра Ф. Скарыну, С. Полацкага, адзін з аўтараў калектыўных кніг «450 год беларускага кнігадрукавання», «Нарыс гісторыі філасофскай i сацыяльнай думкі Беларусі (да 1917 года)»,  «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» i інш. На малой радзіме М. Прашковіча вяскоўцы і цяпер  добра памятаюць “вучонага”, што ўвесь час размаўляў па-беларуску, ніколі не шкадаваў малым кніг з уласнай багатай бібліятэкі, увечары садзіўся на лаву перад сваёй хатай і, разгарнуўшы сшытак, чытаў вершы. У роднай вёсцы Гарадзішча жанчыны лагодна і цёпла называлі яго “беларус”.

З фотаздымкаў былых часоў Мікола Іванавіч паўстае наскрозь інтэлігентным, з тонкімі, далікатнымі рысамі твару, светлым позіркам і чулым сэрцам. Ва ўспамінах розных людзей – пісьменнікаў, крытыкаў, літаратуразнаўцаў – М. Прашковіч узгадваецца як чалавек вялікай шчырасці, сціпласці і эрудыцыі, які любіў Бацькаўшчыну і праўду, сумленны, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, не касмічны, не еўрапейскі, а зямны, сялянскі, даверлівы беларускі максімаліст. На адной з кніг з уласнай бібліятэкі М. Прашковіча – аўтографы класікаў Р. Барадуліна, У. Караткевіча з прысвячэннем “Геніяльнаму сыну зямлі беларускай”.

Мікола Прашковіч нарадзіўся 4 мая 1932 года ў вёсцы Гарадзішча ў сялянскай сям’і. Бацька Іван Пятровіч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, працаваў на лесасплаве. Маці  - Матруна Арцёмаўна працавала ў калгасе, выхоўвала дзяцей. У 1939 годзе ён пайшоў у першы клас Гарадзішчанскай пачатковай школы. Пасля заканчэння Перавозскай сямігодкі, затым Сялібскай сярэдняй школы з 1952 года вучыўся на філалагічным факультэце БДУ. Затым працаваў настаўнікам беларускай i нямецкай моў у адной са школ на Смаргоншчыне, у Сялібскай сярэдняй школе нашага раёна. Вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры АН БССР (1960–1963). З кастрычніка 1963 года быў малодшым  навуковым, пазней – старшым навуковым супрацоўнікам гэтага інстытута.

У застойныя часы разам з некалькімі іншымі навукоўцамі быў звольнены з Інстытута літаратуры па абвінавачванні ў «беларускім нацыяналізме». Яго раскрыжавалі за любоў да Беларусі, за імкненне праз свае даследчыя працы раскрыць суайчыннікам багацце і высокі еўрапейскі ўзровень культурна-гістарычнай і пісьмовай спадчыны беларускага народа, узняць іх нацыянальную самасвядомасць і годнасць, за сяброўскія адносіны з апальнай, некалі рэпрэсіраванай паэткай і патрыёткай Ларысай Геніюш, за падтрымку ўкраінскіх “нацыяналістаў”, не далі магчымасці займацца пісьменніцкай і навуковай дзейнасцю, прыгаварылі да адзіноты і ізаляванасці, маральна і фізічна спустошылі. Мікола Прашковіч  вымушаны быў працаваць грузчыкам у гастраноме, загадчыкам бібліятэкі пры інтэрнаце пладова-агародніннага камбіната Мінска, карэктарам рэдакцыі часопіса «Родная прырода», карэспандэнтам газеты «Вячэрні Мінск». Па стане здароўя мужчына пакінуў працу, вярнуўся на малую радзіму, дзе яго напаткала трагічная смерць. Увесь час ён вельмі спадзяваўся на перагляд справы, якога пры жыцці так i не дачакаўся. Пахаваны на могілках у вёсцы Асмолаўка.

Лёс роду Прашковічаў склаўся драматычна: па мужчынскай лініі так і не засталося нашчадкаў, і ўсё ж такі ў нечым зайздросна: у сям’і звычайных вяскоўцаў адразу два кандыдаты навук. Сястра Лідзія Іванаўна Прашковіч таксама абараніла кандыдацкую дысертацыю, была выкладчыкам у Мазырскім педуніверсітэце.

Зараз цяжка сказаць, ці кіраваўся Мікола Іванавіч якім-небудзь дэвізам па жыцці. Але ягоную дзейнасць яскрава ахарактарызавалі б вершаваныя радкі “Як жыць, дык жыць для Беларусі, а без яе, дык лепш не жыць…”. Для ўсіх нас, хто і жыве, і працуе на гэтай зямлі, М.І. Прашковіч – яркі прыклад высокага служэння, шчырай адданасці радзіме і яе духоўным скарбам.

Алена ЖДАНОВІЧ,

дырэктар рабочай групы па стварэнні гісторыка-краянаўчага музея.

Категория: Чытайце тут. | Добавил: muzei-berazino (19.11.2013)
Просмотров: 639
Наше опитування
Ці патрэбны музей нашаму гораду?
Всего ответов: 19
Друзі сайту
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Поиск

Copyright MyCorp © 2024Сделать бесплатный сайт с uCoz