сайт будучага музея Бярэзiншчыны
Главная | Каталог файлів | Регистрация | Вход
 
Пятница, 26.04.2024, 00:55
Приветствую Вас Гость | RSS
Меню сайта
Форма входу
Категорії розділу
Мої файли [11]
Главная » Файлы » Мої файли

АКЦЫЯ "ПОШУК: ВЯРНУЦЬ З НЕБЫЦЦЯ"
04.03.2015, 16:06

ВЯРНУЦЬ З НЕБЫЦЦЯ

70 гадоў прайшло з часу Вялікай Перамогі савецкіх войск над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Аднак і дагэтуль балючыя ўспаміны не пакідаюць сэрцы многіх беларусаў, тых, хто страціў сваіх блізкіх у жорсткай і бязлітаснай барацьбе за вызваленне Бацькаўшчыны. Так, у рабочую групу па стварэнні раённага гісторыка-краязнаўчага музея звярнуліся ўраджэнцы Бярэзінскага раёна Сяргей Мікалаевіч Жалняровіч з родным братам Рыгорам і цёткай (Гайдук – у дзяв.) Марыяй Іванаўнай Конан. Яны агучылі просьбу знайсці любую інфармацыю пра месца пахавання сваіх родных. На руках у людзей – копія даведкі з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь пра Уладзіміра і Надзею Дубавецкіх, народных мсціўцаў, удзельнікаў партызанскага руху, а ў вачах – боль і слёзы за разбітыя лёсы сваякоў, перажытае гора.
Афіцыйны дакумент сведчыць: карэнны жыхар вёскі Машчаніца Дубавецкі Уладзімір Паўлавіч нарадзіўся ў 1902 годзе. З 5 мая па ліпень 1942 года з’ўляўся сувязным атрада “Бальшавік” партызанскай брыгады імя Шчорса Мінскай вобласці. У ліпені 1942 года ён быў расстраляны нямецкімі акупантамі за сувязь з партызанамі. Яго жонка, ураджэнка вёскі Жукавец, 1906 года нараджэння, Надзея Антонаўна Дубавецкая, з 1942 года па чэрвень 1944 года таксама была сувязной гэтага партызанскага атрада. Яе немцы расстралялі напярэдадні вызвалення Беларусі ў 1944 годзе.
Пра апошнія дні з жыцця сваёй цёткі Надзеі Антонаўны ўспамінае яе пляменніца Марыя Конан, у той час 6-гадовая дзяўчынка: Надзею Дубавецкую, калі тая рухалася да партызан, у лесе схапілі фашысты, прывезлі ў Жукавец, трымалі ў хляве, некалькі дзён жорстка катавалі, заганяючы пад ногці іголкі, пратыкаючы раскалёнымі шомпаламі. Калі з’явілася магчымасць, маці папрасіла Марыйку занесці перадачу цётцы Надзеі. Дзяўчынка ўбачыла, як жанчыну вывалаклі з пабудовы. Надзея Антонаўна толькі паспела махнуць рукой, дала знак, што нічога ўжо не патрэбна. Затым яе кінулі ў адкрыты кузаў грузавой машыны і вывезлі ў бок Машчаніцы. Казалі, што яе расстралялі ў месцы пад назвай Чортаў мосцік. Больш дакладна пра абставіны гібелі і месца апошняга спачыну Надзеі Дубавецкай нічога невядома.
Марыя Іванаўна працягвае аповед пра далёкія часы, перыяд нямецкай акупацыі на Бярэзіншчыне, і карціны мінулага, здаецца, страшна насоўваюцца наперад. Вось яе, маленькую, разам з іншымі, у тым ліку з дзецьмі Дубавецкіх, пагналі з роднай вёскі ў Беразіно, потым адправілі па рацэ ў Барысаў, адкуль вывезлі на работу ў Германію, дзе яны цудам выжылі і сустрэлі перамогу, вярнуліся дадому…
На шчасце, род Дубавецкіх не перарваўся, так адна з іх дачок — Яўгенія Уладзіміраўна – вядомая на Бярэзіншчыне жанчына-півавар баба Геня, унук Сяргей Мікалаевіч зараз жыве і працуе галоўным механікам Уздзенскага лясгаса, родны брат Рыгор – токар Мінскага трактарнага завода, абодва цікавяцца гісторыяй свайго роду.
Спрабую суцешыць людзей, разумею, што дапамагчы адшукаць патрэбную інфармацыю складана, унутрана перажываю, што пошук не заўсёды бывае выніковым. Аднак важна і другое. Прадастаўленыя звесткі пра Уладзіміра і Надзею Дубавецкіх даюць падставы для ўнясення імёнаў загінуўшых у раённую кнігу “Памяць”, вяртаюць з небыцця постаці мужных змагароў, адкрываюць яшчэ адну старонку гісторыі, не даюць забыць, што за Вялікай Перамогай – жыццё канкрэтных людзей.

Алена ЖДАНОВІЧ.

Категория: Мої файли | Добавил: muzei-berazino
Просмотров: 849 | Загрузок: 0 | Рейтинг: 5.0/1
Наше опитування
Ці патрэбны музей нашаму гораду?
Всего ответов: 19
Друзі сайту
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Поиск

Copyright MyCorp © 2024Сделать бесплатный сайт с uCoz