сайт будучага музея Бярэзiншчыны
Главная | студзень | Регистрация | Вход
 
Пятница, 29.03.2024, 18:58
Приветствую Вас Гость | RSS
Меню сайта
Форма входу

 

Герцовіч Якаў нарадзіўся 01.01.1910 г. у вёсцы Сяліба Бярэзінскага раёна Менскай вобласці ў сям'і рабочага.

Працоўны шлях пачаў дванаццацігадовым хлапчуком на лесапільным заводзе «Кастрычнік» у Асіповіцкім раёне, быў конюхам у калгасе. У 1936 г. скончыў Камуністычны інстытут журналістыкі ў Мінску. Працаваў журналістам. У час Вялікай Айчыннай вайны карэспандэнт газет Заходняга, а затым 3-га Беларускага франтоў. Пасля вайны працаваў у рэдакцыі газеты «Звязда», з 1953 г. - у часопісе «Вожык», у 1967-1970 гг. - намеснік галоўнага рэдактара гэтага часопіса. Сябра СП СССР з 1948 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.

Літаратурную дзейнасць пачаў з вершаў у 1927 г. З рэцэнзіямі і літаратурна-крытычнымі артыкуламі выступаў з 1934 г. Аўтар нарыса «Анастасия Мицкевич» (1939), зборнікаў артыкулаў «На перадавых пазіцыях» (1957), «Літаратура і жыццё народа» (1960), «Герой і сучаснасць» (1963), «Пісьменнікі, кнігі, героі» (1966), «Творчае крэда» (1970).

Напісаў кніжку гумарэсак «Не пугай адзінай» (1969). Выдаў франтавыя нататкі «На вайне як на вайне» (1969).

Памёр 21.04.1976 г.

Цікавыя і адметныя ўспаміны пакінуў пра нашага земляка Я.Герцовіча вядомы беларускі літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, акадэмік У.Гніламёдаў у рамане-дзённіку "Сем гадоў у ЦК":

1970 год. "7 студзеня. Адзначыў 60-гадовы юбілей Якаў Герцовіч. Пытанне аб узнагароджанні не ставілася. Пісьменнікі адносяцца да яго непрыязна. Быў выпадак, калі Я. Герцовіч напісаў адмоўную рэцэнзію на «Каласы пад сярпом тваім» У. Караткевіча (а раман выдатны!) і хацеў змясціць у «Советской Белоруссии», але справа не задалася. Цяжка зразумець пазіцыю крытыка — чаму ён гэтак робіць? І ўжо не раз."

"19 студзеня. Заходзіў на работу да мяне Якаў Герцовіч — вядомы літаратурны крытык. Скардзіўся на тое, што не ўзнагародзілі ў сувязі з юбілеем, забылі. Я яго, як мог, супакоіў. Ён слухаў. Расказваў пра некаторыя моманты з гісторыі літаратуры, пра якія я, прызнацца, не ведаў. Пачытаў верш Я. Коласа:

Нас падзялілі. Хто? Чужаніцы,

Цёмных дарог махляры.

К чорту іх межы! К д’яблу граніцы!

Нашы тут гоні, лясы!

Якаў Герцовіч — чалавек, я пераканаўся, не подлы, ён шчыра верыць у ідэалы камунізму, у палітыку партыі. Гэта засталося ў яго з 20-х гадоў. Ён камсамолец той пары. Прызнаўся, аднак, што не паважае А. Фадзеева, хоць ён даўно ўжо на тым свеце.

— Чаму?

— Бабнік. Калі ты змагар за ідэю, дык пра баб забудзь, — патлумачыў Якаў Беніцыянавіч, папраўляючы на носе акуляры.

— ?

— Адну жанчыну, якая прыйшла ў СП скардзіцца, спыталі, адкуль у цябе дзіця? Яна адказала: «Главным образом от Фадеева». Вось так.

— Што тут скажаш?".

1972 год. "28 снежня. Заходзіў Якаў Герцовіч. Скаргі, што забылі, значыць, не патрэбны. А потым прызнаўся, што і сапраўды пяро прытупілася, горш стаў адчуваць ідэйныя арыенціры. Прасіў падказваць, каго трэба ўзяць пад крытычны прыцэл. Герцовіч — крытык са сваім густам, хай ім і кіруецца. 

Навагодні Дзед Мароз. Закурыў цыгарэту, пыхнуў дымам, бліснуў шкельцамі акуляраў.

— Вы пішаце пра паэзію. На вялікі жаль, у апошнія гады наша лірычная паэзія многае страціла ад сваёй грамадзянскасці, сваёй блізкасці да народнага жыцця.

Я не стаў спрачацца. Ён дакурыў цыгарэту і пайшоў, насунуўшы на галаву шапку." 

1974 год. "19 студзеня. На мінулым тыдні адбыўся творчы вечар драматурга А. Макаёнка. Даклад зрабіў Г. Колас. Даклад — прыстойны, лагічны. Макаёнак і сапраўды надта сучасны паводле праблематыкі драматург. Прысутнічаў Шамякін. Макаёнак жартам кажа на Шамякіна: «Буржуін!» Гумар і тэатральнасць з Макаёнка так і пруць. Прывёз аднекуль маску: акуляры з носам і вусамі. Мяняе чалавека да непазнавальнасці. Уздзеў гэтую штуковіну на твар і зайшоў у рэдакцыю часопіса «Полымя». Там сядзела некалькі літаратараў: Анатоль Вялюгін, Тарас Хадкевіч, Антон Алешка, Барыс Сачанка, Якаў Герцовіч, нехта яшчэ. Ніхто яго не пазнаў. Прадставіўся, што ён грузінскі пісьменнік Вано Гоміашвілі, прыехаў з Тбілісі. Гаварыў з моцным каўказскім акцэнтам.

— Гамарджоба! Как, скажи, кацо, познакомиться с белорусскими драматургами, если они, конечно, у вас есть?

— Есть! — пацвердзілі прысутныя.

— Кто?

— Ну, Кондрат Крапива, например, Андрей Макаёнок…

— Макаёнок? Немного слышал… Ну и как он пишет? Ошибки у него есть? Недостатки?

Усе прымоўклі: Азваўся Герцовіч:

— Есть.

— И что он себе позволяет?

— Есть у него перекосы…

— Перекосы, говоришь? Ну и что?

— С критикой нужно осторожней, а он перебарщивает. Опять же, злоупотребляет условными формами…

— Да-а-а! Выходит, нарушитель еще тот! С такими надо построже!..

З гэтымі словамі Макаёнак зняў маску. Ад нечаканасці ўсе ажно войкнулі, а потым дружна зарагаталі. Апроч Герцовіча, які пачаў апраўдвацца:

— Я ж не пазнаў вас, Андрэй Ягоравіч. Прабачце! Я не хацеў нічога дрэннага казаць. Гэта дробныя заўвагі. Я хацеў наадварот, звярнуць яго ўвагу…

— Нічога, я не ў крыўдзе, — рагочучы, заспакоіў ён крытыка."

 

Календар
«  Март 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Наше опитування
Ці патрэбны музей нашаму гораду?
Всего ответов: 19
Друзі сайту
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Поиск

Copyright MyCorp © 2024Сделать бесплатный сайт с uCoz